Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжанкоў прыняў копіі даверчых грамат апостальскага нунцыя Чафалі


Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Іньяца Чафаляй
Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Іньяца Чафаляй

Міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў сёньня прыняў копіі даверчых граматаў апостальскага нунцыя ў Беларусі Іньяца Чафалі.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую служба зьнешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што падчас сустрэчы бакі абмеркавалі «актуальнае становішча Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, стан двухбаковых адносінаў, пэрспэктывы актывізацыі дыялёгу з Ватыканам, у тым ліку з улікам адкрыцьця ў бягучым годзе амбасады Беларусі пры Апостальскай сталіцы».

Таксама Рыжанкоў і Чафалі «абмяняліся думкамі па актуальных тэмах міжнароднага парадку дня» і «пацьвердзілі падабенства падыходаў Беларусі і Ватыкана да дасягненьня міру ў Эўропе, захаваньня традыцыйных каштоўнасьцяў, умацаваньня міжканфэсійнага дыялёга».

Акрамя гэтага, як паведамляецца, на сустрэчы абмяркоўваліся «шляхі рэалізацыі ініцыятываў» Аляксандра Лукашэнкі «па ўмацаваньні ролі традыцыйных канфэсій у Беларусі, уключаючы Рымска-каталіцкую царкву».

Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяца Чафалі прайшла ў Менску 26 чэрвеня.

25 сакавіка нябожчык Папа Рымскі Францішак, прызначыў Чафалі апостальскім нунцыем у Беларусі, адначасова прысвоіўшы дыплямату сан арцыбіскупа.

Новы прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 году. Прэзьбітэрскае пасьвячэньне атрымаў 6 жніўня 2003 года. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэльі-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпляматычную службу пачаў у 2006 годзе.

Працаваў у апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайляндзе, сталай місіі пры Радзе Эўропы, сэкцыі ў адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкану і да апошняга часу — у Вэнэсуэле.

Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 года, калі яе пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпляматычным прадстаўніком Папы ў Грузіі і Армэніі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і Касьцёлу ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія адбыліся падчас масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.

Паводле дадзеных ініцыятывы «Хрысьціянская візія», на 25 чэрвеня з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася ня менш за 38 сьвятароў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG