Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэці Сьміт прысьвяціла свой пратэставы гімн Радыё Свабодная Эўропа, якому пагражае скарачэньне фінансаваньня


Пэці Сьміт на фэстывалі ў Гластанбэры ў Вялікай Брытаніі, 28 чэрвеня 2015 году
Пэці Сьміт на фэстывалі ў Гластанбэры ў Вялікай Брытаніі, 28 чэрвеня 2015 году

Амэрыканская сьпявачка, паэтка і актывістка Пэці Сьміт выказала падтрымку Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС), падкрэсьліўшы важнасьць незалежнай журналістыкі і папярэдзіўшы пра пагрозу скарачэньня фінансаваньня радыё цяперашняй адміністрацыяй ЗША.

На канцэрце 19 ліпеня ў Празе, дзе знаходзіцца штаб-кватэра РСЭ/РС, 78-гадовая легендарная выканаўца зрабіла паўзу перад выкананьнем свайго пратэставага гімну People Have The Power, каб прысьвяціць песьню «Стыву і ўсім на Радыё Свабода», маючы на ўвазе прэзыдэнта кампаніі Стывэна Капуса.

Пэці Сьміт, адна з ключавых фігураў нью-ёрскай панк-сцэны 1970-х гадоў, пахваліла працу РСЭ/РС і «многіх важных грамадзкіх інстытутаў», адзначыўшы іх ролю ў данясеньні «важнай інфармацыі да людзей ува ўсім сьвеце», і выказала шкадаваньне, што яны «застаюцца безь фінансаваньня цяперашняй адміністрацыяй маёй краіны».

«Мы павінны працягваць змагацца і падтрымліваць адно аднаго», — дадала яна.

Выступ Сьміт, вядомай як «найвышэйшая жрыца панку», якая заўсёды спалучала мастацтва з актывізмам, праская аўдыторыя сустрэла гучнымі воплескамі, бо многія знаёмыя з гісторыяй і дзейнасьцю РСЭ/РС у рэгіёне.

З 1995 году штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода знаходзіцца ў чэскай сталіцы і вядзе незалежныя трансьляцыі на 27 мовах для краін, дзе свабода прэсы забароненая або істотна абмежаваная.

Падтрымка Сьміт прагучала ў момант, калі будучыня фінансаваньня міжнародных мэдыя, у тым ліку РСЭ/РС, выглядае няпэўнай, бо зьяўляюцца прапановы скарачэньня бюджэту і зьмены палітычных прыярытэтаў Вашынгтону.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, як і дзяржаўныя трансьлятары — «Голас Амэрыкі», Радыё Свабодная Азія (RFA) і Блізкаўсходняя сетка трансьляцыі (MBN) — апынуліся ў складаным становішчы пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які фактычна разбурыў Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

USAGM — незалежнае дзяржаўнае агенцтва, якое кантралюе некалькі фінансаваных ЗША мэдыя. Разам яны трансьлююць амаль на 50 мовах і маюць аўдыторыю каля 361 мільёна чалавек штотыдзень.

Пагроза скарачэньня фінансаваньня выклікала хвалю глябальнай падтрымкі ад мэдыя-экспэртаў, праваабаронцаў і аўдыторыі ў 23 краінах, на якія распаўсюджваецца дзейнасьць РСЭ/РС.

Пэці Сьміт — ня першая вядомая музычная асоба, якая выказалася ў абарону РСЭ/РС.

Раней сёлета гурт R.E.M. перавыдаў сваю дэбютную песьню Radio Free Europe, прымеркаваўшы падзею да Ўсясьветнага дня свабоды прэсы, каб падкрэсьліць працу арганізацыі дзеля падтрыманьня незалежнай журналістыкі і праўды ў тых месцах, дзе яна пад пагрозай.

«Ці гэта музыка, ці свабодная прэса — цэнзура ў кожным разе ўсюды пагражае праўдзе», — сказаў тады вакаліст Майкл Стайп, дадаўшы, што гурт «шле вітаньні адважным журналістам Радыё Свабода».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG