Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт паведаміў, колькі эўрапейцаў уехалі ў Беларусь з боку ЭЗ за год дзеяньня пашыранага бязьвізу


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Каля 122 тысяч эўрапейскіх турыстаў наведала Беларусь, уехаўшы праз чатыры даступныя для падарожнікаў пункты пропуску на мяжы з ЭЗ, за год дзеяньня бязьвізавага парадку ўезду для грамадзян дзяржаваў з так званага пашыранага сьпіса, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Ведамства не ўдакладняе, унікальная гэта ці агульная колькасьць перасячэньняў мяжы. Напрыклад, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы летась паведамляла, што за жнівень 7358 суграмадзян перасяклі літоўска-беларускую мяжу больш за 10 тыс. разоў, гэта значыць некаторыя — больш за адзін раз.

Дзяржпагранкамітэт адзначае, што большасьць «бязьвізавых гасьцей» прыяжджае ў Беларусь з боку Літвы.

«Праз наш пункт пропуску за год пашыранага бязьвізу ў Беларусь накіраваліся каля 70 тысяч грамадзян, — цытуе ведамства намесьніцу начальніка аддзяленьня памежнага кантролю памежнага пераходу Каменны Лог Ганну Берташ. — Сярод іх былі прадстаўнікі Літвы, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Вялікай Брытаніі, Італіі, Германіі й іншых краін».

Больш чым за тры гады, якія мінулі з увядзеньня бязвізу для грамадзян суседніх краін ЭЗ, Беларусь, паводле Памежнага камітэту, наведалі сама меней 1 млн 153 тыс. эўрапейцаў.

«Беларусь застаецца адкрытай для грамадзян, якія хочуць асабіста пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі нашай краіны. Колькасьць бязьвізавых гасьцей з эўрапейскіх дзяржаў пацьвярджае цікавасьць замежнікаў да Беларусі і садзейнічае ўмацаваньню сувязей паміж народамі», — сьцьвярджае ведамства.

Пры гэтым улады суседніх дзяржаў ЭЗ заклікаюць сваіх суайчыньнікаў устрымацца ад наведваньня Беларусі з меркаваньняў бясьпекі.

Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» адзначае, што большасьць эўрапейцаў, якія наведалі Беларусь за апошнія 12 месяцаў, — гэта прадстаўнікі суседніх краін. На пачатку гэтага тыдня Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што з 19 ліпеня 2024 года беларускую мяжу, апрача прадстаўнікоў суседніх краін ЭЗ, перасяклі 35 394 чалавекі з пашыранага сьпісу.

Бязьвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 году для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязьвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Эўропы.

Ідзецца пра жыхароў Андоры, Аўстрыі, Баўгарыі, Босьніі й Герцагавіны, Бэльгіі, Ватыкану, Вугоршчыны, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Грэцыі, Даніі, Ірляндыі, Ісьляндыі, Італіі, Кіпру, Ліхтэнштайну, Люксэмбургу, Мальты, Манака, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славаччыны, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі і Эстоніі. Большасьць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязьвіз для жыхароў 38 эўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо бывала.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG